ОСТ-І́НДСКАЯ КАМПА́НІЯ Англійская
(англ. East India Company),
прыватная кампанія (1600—1858) для гандлю з Ост-Індыяй, Паўд.-Усх. Азіяй і Кітаем. У 1-й пал. 17 ст. гэта аморфная арг-цыя лонданскіх купцоў, якія перыядычна аб’ядноўвалі капіталы для гандл. экспедыцый у Ост-Індыю. З 1657 акц. кампанія з пастаянным капіталам. Пасля працяглай барацьбы з канкурэнтамі (Партугаліяй, галандскай і франц. Ост-Індскімі кампаніямі) і інд. правіцелямі ў 17 ст. стварыла ў Індыі 7 факторый і некалькі ўмацаваных пунктаў. Атрымала ад англ. ўрада права абвяшчаць вайну і заключаць мір у Ост-Індыі (1661), чаканіць манету, ствараць ваенна-палявыя суды, распараджацца сваёй арміяй і флотам (1686), манапольнае права на гандаль з Ост-Індыяй (1708). Пасля 1757 захапіла Бенгалію і шэраг інш. тэрыторый, да 1849 падпарадкавала ўсю Індыю, да 1852 — Ніжнюю Бірму. Англ. парламент, незадаволены бескантрольнасцю кампаніі, прыняў шэраг актаў (1773, 1784, 1813, 1833, 1853), якімі падначаліў яе каралеўскаму Кантрольнаму савету. У 1813 адменена манаполія О.-І.к. на гандаль з Індыяй, з 1833 яе гандл. дзейнасць забаронена. У 1858 у час Індыйскага народнага паўстання 1857—59 кампанія ліквідавана.
т. 11, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)